ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС,
Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс, помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш. гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.
В.А.Чамярыцкі.
т. 4, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)